ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойна-шыракалістымі і хвойна-драбналістымі лясамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны на Пд лясной зоны Усх.-Еўрап. і Зах.-Сібірскай раўнін. На тэр. Беларусі найб. пашыраны тып глеб, размешчаны вял. масівамі ва ўсіх яе частках, пераважна на павышаных элементах рэльефу (у паніжаных пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Асн. плошча ворных зямель размешчана на супесках і пясках. Значная частка Дз.-п.г. мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю і нетрывалую структуру, невысокую насычанасць асновамі. Іх урадлівасць павышаюць паглыбленнем ворнага гарызонта і паляпшэннем яго структуры, вапнаваннем глебы, унясеннем мінер., арган. і зялёных угнаенняў, мікраэлементаў, увядзеннем правільных севазваротаў.
М.І.Смяян.
т. 6, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)